Падарожжа па музейным пакоі “Беларуская хатка”

09.02.2022

Выхаванцы рознаўзроставай групы ДУА “Аношкаўскі навучальна-педагагічны комплекс дзіцячы сад – сярэдняя школа” Нясвіжскага раёна адправіліся ў падарожжа па музейным пакоі “Беларуская хатка”, які абсталяваны ў памяшканні дзіцячага сада. Экскурсію для выхаванцаў правяла гаспадыня, якая пазнаёміла іх з прадметамі побыту беларускага народа, расказала, як жылі і чым займаліся нашы продкі, як выкарыстоўвалі прадметы побыту. Дзеці з цікавасцю разглядалі прадметы даўніны: ткацкі станок, кужаль, калаўрот, матавіла, верацяно, чаўнок, кадушку, кубелец, табакарэзку, таўкач. І яшчэ адно ўпрыгажэнне – тканыя посцілкі і, вядома ж, ручнікі, якія распавядаюць пра жыцце народа і яго працу, пра шчасце і каханне, мары і спадзяванні. Выхаванцам падарожжа ў мінулае вельмі спадабалася.  Многія выказалі меркаванне, што нашым продкам жылося вельмі цяжка і складана працавалася, але гісторыя культуры беларускага народа дзіўная і разнастайная!